Вытрымкі з гутаркі зь першым старшынём першай у паваеннай Беларусі грэка-каталіцкай
парафіі
Сяргеем Абламейкам у газэце "Наша Ніва". Інтэрвію было прымеркаванае
да Ўрачыстасьцяў з нагоды адразу некалькіх значных падзеяў у жыцьці
Сусьветнае й Беларускае
Каталіцкіх Цэркваў. А менавіта: у лістападзе 2000 году Беларуская Грэка-Каталіцкая
Царква ўрачыста адзначала Вялікій Юбілей 2000-годзьдзя нараджэньня Ісуса
Хрыста, 10-годзьдзе першай у паваеннай Беларусі грэка-каталіцкай парафіі
сьв. Язэпа ў Менску, а таксама -- як і штогод -- ушаноўвала памяць сьвятога
пакутніка апякуна Беларусі архібіскупа полацкага Язафата Кунцэвіча.
-- (…)
Я стыхійна верыў у Бога зь дзяцінства. У 1982 годзе я пачаў зь сябрамі
гаварыць па-беларуску. У 1983 годзе паступіў на гістарычны факультэт
БДУ, дзе мы разам зь сябрамі ўтварылі гурток гісторыі Беларусі. Ідэя
ягонага стварэньня належала Алесю Каханоўскаму, сыну Генадзя Каханоўскага,
які быў на курс за мяне старэйшы. Алесь быў і кіраўніком гуртка. На
сваіх паседжаньнях мы размаўлялі па-беларуску. У 1984 годзе з пачатку
навучальнага году мы дамовіліся з прафэсарам Юрасём Хадыкам пра тое,
што ён прачытае ў працягу году для нашага гуртка цыкль лекцыяў па гісторыі
старога беларускага мастацтва. На першай лекцыі спадара Юрася ў кастрычніку
1984 году апрача 5-6 сябраў гуртка прысутнічала ўсё кіраўніцтва катэдры
гісторыі Беларусі, дэкан Іраіда Царук (Прытыцкая), ейныя намесьнікі,
парторг факультэта... Прафэсар Хадыка прачытаў сваю традыцыйную лекцыю
з паказам слайдаў. Назаўтра мы выпусьцілі чарговы нумар сваёй беларускамоўнай
насьцен-газэты "Зямля пад белымі крыламі", дзе асноўным матэрыялам
быў мой рукапісны артыкул пра лекцыю прафэсара Хадыкі й ейны зьмест.
Як вы разумееце, лекцыя была пра старыя уніяцкія абразы й пра ролю Уніі
ў гісторыі беларускага мастацтва... У той жа дзень насьцен-газэта была
сарваная з стэнду, цыкль лекцыяў Хадыкі быў адменены, а гурток гісторыі
Беларусі забаронены й распушчаны. Я дагэтуль захоўваю чарнавік тога
свайго артыкулу з 1984 году пра Унію і уніяцкае мастацтва. Гурток ізноў
дазволілі праз год...
(…) Напрыканцы лістапада 1989 году ў падвале аднаго з дамоў побач з
Опэрным тэатрам у майстэрні скульптара Алеся Косткі адбыўся сход рэдакцыі
будучага часопіса "Унія". Там былі Ірына Дубянецкая, Караліна
Мацкевіч, Генік Лойка, Зьміцер Беленькі, Павал Кавалёў, Уладзя Селядцоў
і я. Мой брат Андрусь быў цалкам у курсе справаў, але служыў у войску
(ён прыйшоў празь месяц і таксама ўключыўся ў справу). Пасьля было 8
месяцаў розных прыгодаў, перасьледу КГБ, зьнішчэньняў ужо набраных тэкстаў...
Шмат працы выпала на долю Караліны Мацкевіч, а таксама Ірыны Дубянецкай...
У сакавіку 1990 году адбыўся першы візыт у Беларусь айца Аляксандра
Надсана, якому падчас сустрэчы на адной з прыватных кватэраў мы паказалі
ўжо набраныя матэрыялы першага нумару часопіса "Унія". Айцец
Аляксандар тады, дарэчы, папярэдзіў нас, што мы нават не ўяўляем, які
цяжкі шлях абралі. Толькі праз гады я цалкам зразумеў ягоныя засьцярогі...
У ліпені 1990 году мы арганізацыйна аформілі сваю групу ў суполку "Унія",
якая стала калектыўным сябрам ТБМ. Старшынём яе абралі Ірыну Дубянецкую,
якая раней была абраная й на рэдактарку часопісу "Унія". 6
жніўня 1990 году ў Доме літаратара пры поўнай залі адбылася ўрачыстая
прэзэнтацыя часопісу "Унія", у Латвіі. Нас вельмі добра прынялі,
часопіс літаральна расхоплівалі. верх
Наступны
і лягічны крок - стварэньне парафіі. Толькі з пачаткам супольнага малітоўнага
жыцьця пачынаецца містычнае быцьцё Царквы. Таму мы столькі значэньня
надаем стварэньню менавіта парафіі й пачатку набажэнстваў. 21 верасьня
1990 году ў памяшканьні ТБМ на вуліцы Румянцава мы правялі сход менскіх
уніятаў (было чалавек 30-40) і ўтварылі царкоўны камітэт. У яго ўвайшлі
Юрась Хадыка, Анатоль Сідарэвіч, Анатоль Грыцкевіч, Ірына Дубянецкая,
Караліна Мацкевіч, Андрусь Абламейка, Зьміцер Беленькі ды іншыя. Старшынём
абралі мяне. Мы праводзілі набажэнствы на кватэры ў айца Яна Матусэвіча.
Менш чым празь месяц, 19 кастрычніка, у Львове мы атрымалі ад тагачаснага
Кіева-Галіцкага мітрапаліта Ўладзімера Стэрнюка грамату аб прыналежнасьці
нашай парафіі да старажытнай Кіева-Галіцкай мітраполіі, што сталася
адзіна магчымым на той час кананічным пацьверджаньнем нашага легальнага
статусу. Ніколі не забуду мітрапаліта Ўладзімера й ягоных супрацоўнікаў,
напрыклад, айца Рамана Шафрана, якія надзвычай шмат зрабілі для нашай
Царквы.
(…) Вось так з стварэньнем нашай парафіі выйшла з падпольля Беларуская
Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква. Пасьля нашай і гомельскай грамадаў
напрацягу кастрычніка-лістапада паўстала грамада ў Полацку, пачалі арганізацыйна
афармляцца грамады ў Віцебску, Гародні, Маладэчне, Магілеве, Берасьці.
Я невыпадкова ўвесь час падкрэсьліваю, што Царква менавіта выйшла з
падпольля. Пасьля выхаду першага нумару часопіса "Унія" у
рэдакцыю сталі прыходзіць лісты ад тых, хто быў хрышчаны перад вайной
у часы так званай Нэа-Уніі, або ад іхных дзяцей…
Першая публічная акцыя, якую арганізавала й правяла парафія Сьвятога
Язэпа пры садзеяньні віцебскіх ды полацкіх уніятаў - усталяваньне памятнага
крыжа на Ўсьпенскай горцы ў Віцебску (месцы забойства архібіскупа Полацкага
Язафата Кунцэвіча) 10 лістапада 1990 году напярэдадні дня Сьвятога Язафата
- не была дазволеная ўладамі. Мы зьвязаліся з мітрапалітам Стэрнюком,
і ён даслаў нам айца Сэбасьцяна, манаха-студыта зь Ільвова. Мы былі
шчасьлівыя. Мелася адбыцца першая публічная працэсія ўніятаў у Беларусі
за шмат год.
Айцец Сэбасьцян
прыехаў у Менск 8 лістапада, і на наступны день увечары мы рушылі начным
цягніком у Полацак. Быў увесь наш менскі актыў. Цэлую ноч ня спалі ў
вагоне. У віцебску віцебчукі й палачане ўжо падрыхтавалі вялізны шасьцікутны
драўляны крыж. Шмат тады папрацавалі Ігар Цішкін, Мікола Шарак, Міхась
Паўлаў. Адбылася працэсія па віцебскіх вуліцах са сьвечкамі, пад час
якой мы несьлі на плячах, зьмяняючыся, крыж. А на Ўсьпенскай горцы нас
сустрэлі кардоны міліцыі з
дубінкамі.
Некалькі гадзінаў мы чакалі дазволу ўладаў, езьдзілі нават на перамовы
ў гарвыканкам, але крыж укапаць так і не дазволілі. (Запомнілася, як
адзін чыноўнік крычэў нам, што ў Віцебску жывуць спрэс усе хрысьціяне,
а католікаў і уніятаў у іх няма) Мы коракта памаліліся на месцы сьмерці
Сьв. Язафата. Крыж з надпісам "Пакутнікам Беларусі" забралі
ў пастарунак міліцыянты, а айцец Сэбасьцян адслужыў першую ў Віцебску
за 151 год уніяцкую Літургію ў адным зь мясцовых палацаў культуры.
верх
20 лістапада
1990 году мы накіравалі першы ліст на імя Папы Рымскага з просьбай блаславіць
беларускіх уніятаў, што выйшлі з падпольля. Ліст падпісалі дэкан Пётра
Кузьмічоў, старшыні менскай, гомельскай і полацкай парафіяў, старшыня
суполкі "Унія" ды прадстаўнікі зь Віцебску, Маладэчна, Стоўпцаў
і Ліды, дзе парафіі яшчэ былі ў стадыі арганізацыі. Пасьля такіх лістоў
было яшчэ тры ці чатыры, прычым адзін зь іх падпісалі больш за 1700
чалавек.
Наогул, я не шкадую аб тых пяці гадох да ад'езду ў Прагу ў 1995 годзе,
якія пераважна аддаў Царкве… Бог дапамог нам аднавіць Царкву, якая не
выкарыстоўвае ніякай іншай мовы, апрача беларускай! Яна заўсёды са сваім
народам. Як гэта было, напрыклад, 20 жніўня 1991 году, у другі, самы
страшны дзень путчу ГКЧП, калі Андрэй Абламейка - тады яшчэ айцец-дыякан
- маліўся на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасьці) разам з купкай пратэстуючых
за краіну Беларусь. Здымак тога малебну быў у газэтах, і ён, я думаю,
шмат каго умацаваў у адпоры путчыстам. Аднойчы я стаў сьведкам размовы
двух беларускіх уніяцкіх сьвятароў, адзін зь якіх - паляк, а другі -
расеец. Абодва ня так даўно прыехалі ў Беларусь. Яны абмяркоўвалі нейкую
шараговую службовую справу й рабілі гэта па-беларуску… Тады я падумаў,
што варта ўсё ж было нам некалі пачынаць…
Успамінаючы
тут прайшоўшыя 10 год, трэба згадаць і тых, каго ўжо няма з намі. У
самым пачатку нам была вельмі важнаю падтрымка сьв. пам. Міхала Тодаравіча
Дубянецкага. Вялікую ролю для ўсёй Царквы адыграў першы пробашч парафіі
Сьвятога Язэпа, дэкан БГКЦ сьв. пам. айцец Ян Матусэвіч, які быў ня
толькі рэлігійным, але й вядомым беларускім грамадзкім дзеячом. Мяне,
дарэчы, уразіла, што імя айца Яна не ўвайшло ў выдадзеную Скарынаўскім
Цэнтрам кнігу Грабоўскага пра беларускіх хрысьціянскіх дзеячоў ХХ стагодзьдзя.
Там ёсьць шмат хто зь цяпер жывучых, а вось для памерлага дэкана БГКЦ
Яна Матусэвіча месца не знайшлося…Хутка забываемся…
верх
Трэба скласьці
тут і вялікую падзяку айцу Аляксандру Надсану, Апостальскаму візытатару
для беларусаў у замежжы, за яго маральную й матэрыяльную падтрымку Царквы
ў Беларусі. Хачу таксама сказаць, што мы разам з братамі ў дыяспары
заўсёды адчувалі сябе адзінай Царквой. Шмат намаганьняў, сілаў і здароўя
пакладае на карысьць Царквы й Апостальскі візытатар для грэка-католікаў
у Беларусі айцец Сяргей Гаек, з прызначэньнем якога ў 1994 годзе Царква
выйшла на новы ўзровень свайго быцьця.
Прага-Менск,
кастрычнік 2000 г.